МАДУЛЯ́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ змена амплітуды, частаты ці інш. параметраў ваганняў па зададзеным законе, павольная ў параўнанні з перыядам гэтых ваганняў. У тэхн. прыладах і сістэмах мадуляцыя эл.-магн. ваганняў радыё- і аптычнага дыяпазонаў, а таксама акустычных хваль выкарыстоўваецца для трансфармацыі частотнага спектра зыходнага вагання з мэтай павышэння эфектыўнасці перадачы інфармацыі, для частотнага раздзялення розных сістэм і прылад, для забеспячэння іх адначасовай работы на розных нясучых частотах, змены часавых параметраў сігналаў і інш.
Найб. пашыраны амплітудная мадуляцыя, фазавая мадуляцыя, частотная мадуляцыя, розныя віды імпульснай мадуляцыі, а таксама іх камбінацыі, напр., амплітудна-фазавая. У залежнасці ад віду мадуляцыі амплітуда, частата ці фаза высокачастотных ваганняў («носьбіт» інфармацыі), а таксама палярызацыя (у выпадку святла; гл.Мадуляцыя святла) змяняецца (мадулюецца) у адпаведнасці з нізкачастотным сігналам, што перадаецца. Выкарыстанне канкрэтнага віду М.в. залежыць ад параметраў ліній сувязі, патрабаванняў да якасці перададзенай інфармацыі, характарыстык прыёмнай апаратуры і інш. Працэс, адваротны М.в., наз. дэмадуляцыяй і ажыццяўляецца ў прыёмнай апаратуры (гл.Дэтэктыраванне).
Амплітудная (б) і частотная (в) мадуляцыя ваганняў пры пілападобнай мадулюючай функцыі (а).